менск далетапісны

Менеск — легендарны заснавальнік горада

Старажытны волат, які малоў камяні на вадзяным млыне і жыў на беразе Свіслачы. Міф? Рэальнасць? Ці — памяць пра нешта большае?
Хто такі Менеск?
Паводле мясцовых легенд, Менеск — не проста чалавек. Ён быў волатам-знахарам, які пасяліўся “між Татарскім канцом і Пярэспенскім мастком”, як пісаў яшчэ ў XIX стагоддзі Павел Шпілеўскі. Менавіта ён, кажуць, заснаваў паселішча, што з часам стала горадам.
…поселился знаменитый богатырь-знахарь по прозванию Менеск и построил он на реке Свислочи большую каменную мельницу в семь колес… В полночь ездил он на своей мельнице по селениям и набирал дружину из храбрых, смелых, сильных людей, которые позже образовали целый народ…
— Павел Шпілеўскі, «Путешествие по Полесью и Белорусскому краю»
Млын, што малоў камяні
Легенда сцвярджае, што млын Менеска быў з каменю і меў ажно сем колаў. Ён працаваў ноччу, малоў муку не з жыта, а з камення, і адтуль даносіліся дзіўныя гукі — крыкі, песні, музыка. Казалі нават, што апоўначы Менеск ездзіў на млыне па навакольных вёсках і шукаў адважных людзей, каб сабраць сваю дружыну.

Менавіта гэтыя людзі, паводле падання, і заснавалі першае паселішча, якое з часам ператварылася ў горад з яго імем — Менск.
Сімвал, на які мы забыліся?
Менеск — гэта не проста фігура з падання. Гэта вобраз горада, які мог быць іншым. Горада, дзе міф, традыцыя і магія — не толькі музейная экспазіцыя, але частка гарадской ідэнтычнасці.

Сёння на тым месцы, дзе стаяў Менескаў млын, — веладарожка, асфальт 1й Кальцавой, сцены спартыўнага комплекса "Дынама". Але калі спыніцца на хвіліну, можна ўявіць: Свіслач, туман, каменныя жорны, і моцны волат, які гатуе муку — не для хлеба, а для таго, каб зноў ствараць свет.
..не пайду я да Менска ад шляху Віленска, а пайду па шляху Віленскім, спаткаюся з Менескам..
— выслоўе менчукоў і жыхароў Меншчыны, запісанае Паўлам Шпілеўскім у сярэдзіне ХІХ стагоддзя
Месца на мапе
Паводле легенд, млын знаходзіўся “между Татарским концом и Переспенским мостком, у самого Виленского почтового пути”. У рэчаіснасці там сапраўды знаходзіўся млын, згаданы ў дакуменце 1623 года ў складзе фальварка Пярэспа, які менскі суддзя Марцін Валадковіч перадаў праваслаўнаму Петрапаўлаўскаму манастыру. У люстрацыі млыноў 1777 года, якую праводзіла Скарбовая камісія ВКЛ, гэты млын не згадваецца. Абставіны і час яго знікнення невядомыя. На пазнейшых планах мясцовасці бачная сажалка без млына. Паводле архіўных дакументаў, сажалка праіснавала да 1828 года, калі яе знесла паводкай. Побач з гэтай сажалкай ды могілкамі праходзіў згаданы Шпілеўскім Віленскі шлях або паштовая дарога, на якой у часы Расійскай імперыі стаяла застава, дзе гарадскія ўлады збіралі падатак камянямі на брукаванне вуліц. Cуседства гэтай заставы з сажалкай ды могілкамі сапраўды магло даць падставу для з'яўлення падання.
..Вѣроятно, до появленія, на мѣстѣ нынѣшняго Минска, города, по обыкновенію славянъ , сначала былъ построенъ только зàмокъ или острогъ, и именно на берегахъ Свислочи, можетъ быть близь мельницы знахаря, потому что сохранившіеся до настоящаго времени зàмковые валы или окопы Замчища находятся дѣйствительно близь того мѣста, гдѣ преданіе назначаетъ оселище знахаря Менеска..
Павел Шпілеўскі
замкавы млын
На мапе Менска ёсць яшчэ адно месца, звязанае з млынамі. У 1986 годзе падчас раскопак на Замчышчы каля катлавану станцыі метро "Няміга" былі знойдзеныя рэшткі вадзянога млына. Млын стаяў каля замкавай брамы часткова на беразе, часткова на палях у рэчышчы Нямігі.

Замкавы вадзяны млын упершыню згадваецца ў 1499 годзе ў прывілеі вялікага князя Аляксандра на магдэбургскае права. У 1552 годзе замак згарэў, пасля чаго стараста Васіль Тышкевіч адбудаваў млын. У ноч на 22 красавіка 1751 года падчас узброенага выступлення мяшчан млын быў знішчаны.
Дзе пахаваны Менеск
Існуе паданне, што Менеск быў пахаваны ў кургане на Пярэспінскіх могілках, якія ў ХVIII стагоддзі сталі называцца Старажоўскімі.
Чаму Менеск важны? Бо ён нагадвае, што горад — гэта не толькі дамы і вуліцы. Гэта таксама гісторыі, галасы, міфы і памяць. І калі мы памятаем пра сваіх волатаў — мы будуем не проста горад, а супольнасць.
Млын як памежжа
У беларускай народнай традыцыі млын — гэта памежжа: паміж жывымі і памерлымі, паміж парадкам і хаосам. Млынар — гэта не толькі гаспадар мукі, але і знахар, што ўмее “перамалоць” долю, ачысціць праклён, ці нават дамовіцца з вадзяніком. Млын круціцца і ноччу, калі іншыя спяць, — таму і млынар размаўляе з тымі, каго іншыя не чуюць. Ён ведае, калі трэба даць жорнам адпачыць, а калі — запусціць іх у процілеглы бок, каб “перамалоць няшчасце”.

Таму Менеск — магутны волат з сямю жорнамі — выглядае не толькі як заснавальнік горада, але і як захавальнік парадку і глыбокай сілы.
Забабоны пра вадзянікоў у млынах
У этнаграфічных запісах (паводле А. Сержпутоўскага і П. Шпілеўскага), вадзянік лічыўся гаспадаром падмлынавага свету. Лічылася, што млынар павінен пакідаць пачастунак — хлеб або капейку — каб вадзянік не сарваў працу. Інакш — жорны зламаюцца, колы спыняцца.
Купальскія гісторыі
У час Купалля млыны лічыліся аднымі з самых небяспечных месцаў — людзі баяліся праходзіць побач пасля заходу сонца. Казалі, што менавіта там “круцяцца” нячыстыя духі, змяі і здані, і што ў гэту ноч млынар мусіць пасядзець унутры з запаленай свечкай, каб не страціць гаспадарку.